СУБАЛЬПІ́ЙСКАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,
тып высакагорнай расліннасці, пашыранай у субальпійскім поясе горных абласцей умераных і субтрапічных шырот. Развіваецца ва ўмовах магутнага снегавога покрыва, раўнамернай і высокай вільготнасці паветра і глебы пры добрым дрэнажы паверхні (напр., Альпы, Каўказ). Пераважаюць згуртаванні субальпійскіх лугоў (травастой выш. да 1,5—2,5 м, суцэльнае задзернаванне злакамі і разнатраўем), нізкарослых хмызнякоў і кусцікаў (хваёвы і кедравы сланікі, рададэндраны), травяністых пустэльных лугоў (нізкарослыя травы), асветленых лясоў паркавага тыпу (субальпійскае крывалессе і рэдкалессе). Характар С.р. мяняецца ў залежнасці ад геагр. становішча горнай сістэмы, экспазіцыі і стромкасці схілаў, а таксама ад антрапагеннага ўздзеяння.
А.Я.Яротаў.
т. 15, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)